беларуская  русский  english

Заканадаўчае абгрунтаваньне Народнага галасаваньня

У Канстытуцыі 1994 года Вярхоўны Савет 12-га скліканьня заклаў нормы права, якія дазвалялі непасрэдна народу і галінам улады, якія выбірае народ, выпраўляць сітуацыю ў выпадку дэфармацыі, збачэньня любой галіны ўлады ад агульнанацыянальных інтарэсаў.

Былі закладзеныя нормы выбарчага права, у якім замацаваныя правы свабоднага волевыяўленьня выбаршчыкаў і забарона кантролю за волевыяўленьнем выбаршчыкаў, а таксама непадкантрольнасьць Цэнтрвыбаркаму і іншых выбарчых камісіяў структурам улады. Закладзены пяцігадовы тэрмін дзейнасьці Вярхоўнага Савету. Абмежавана 2-ма тэрмінамі (адзін тэрмін – 5 гадоў) дзейнасьць адной асобы на пасадзе Прэзыдэнта. Уведзены стрыманьні і супроцьвагі заканадаўчай і выканаўчай галінаў улады. Замацавана незалежнасьць судовай улады.

Лукашэнка трыма незаконнымі рэфэрэндумамі (травень 1995 г., лістапад 1996 г. і кастрычнік 2004 г.) парушыў усе дэмакратычныя нормы Канстытуцыі. Усе галіны ўлады, Цэнтрвыбаркам і структуры выбарчых камісіяў ператвораны фактычна ў аддзелы лукашэнкаўскай адміністрацыі.

У Канстытуцыі застаўся непарушным артыкул 3: “Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ. Народ ажыцьцяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.
Любыя дзеяньні па зьмяненьні канстытуцыйнага ладу і дасягненьні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі мэтадамі, а таксама шляхам іншага парушэньня законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.”

Ідэя арт. 3-га Канстытуцыі палягае на непасрэдным (прамым) праве народа абараніць свае інтарэсы ў выпадку збачэнства ўлады. З гэтага натуральнага права, замацаванага арт. 3-м Канстытуцыі, і выцякае права народа на Народнае галасаваньне 19 сакавіка 2006 года. У Кантытуцыі захаваліся нормы права непасрэднага дзеяньня, якія забясьпечваюць свабоднае волевыяўленьне выбаршчыкаў падчас галасаваньня. Гэтыя нормы замацаваныя артыкуламі 65 і 68 Канстытуцыі.

“Артыкул 65. Выбары зьяўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.
Падрыхтоўка і правядзеньне выбараў праводзіцца адкрыта і галосна.”
“Артыкул 68. Галасаваньне на выбарах зьяўляецца тайным: кантроль за волевыяўленьнем выбаршчыкаў у ходзе галасаваньня забараняецца.”
Гэтыя прававыя нормы паўтораны ў Выбарчым кодэксе, арт.5 і арт.9.

Трэба ўлічыць таксама, што выбары ў адпаведнасьці з артыкулам 70 Канстытуцыі праводзяцца за агульнанародныя сродкі (за кошт выдаткаў з дзяржаўнага бюджэту). Гэта справа ўсяго народа.
Такім чынам дзеяньні выбаршчыка па працэдуры Народнага галасаваньня, калі ён забірае бюлетэнь рэжыму (каб потым перадаць прадстаўніку НГК) а ў выбарчую скрыню кідае свой, заранёў падрыхтаваны Народны бюлетэнь, ёсьць законныя дзеяньні.

Любыя спробы кантраляваць або перашкаджаць выбаршчыку праявіць сваю свабодную волю падчас галасаваньня ёсьць незаконныя і падлягаюць пакараньню ў адпаведнасьці з артыкуламі Крымінальнага кодэксу:
- 191. Перашкода зьдзяйсьненьню выбарчых правоў або працы выбарчых камісіяў.
- 192. Парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме.
- 185. Прымус.

Заклікаем ўсіх грамадзянаў у поўнай меры выкарыстаць сваё законнае права на абарону сваіх і агульнанацыянальных інтарэсаў. 19 сакававіка 2006 г. трэба прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, атрымаць афіцыйны бюлетэнь рэжыму, расьпісацца ў сьпісе выбаршчыкаў, зайсьці ў кабіну для галасаваньня, пакласьці афіцыйны бюлетэнь у кішэню, а ў скрыню для галасаваньня ўкінуць свой Народны бюлетэнь з прозьвішчам свайго кандыдата альбо проста чысты ліст.

Падкрэсьліваем, што галасаваньне тайнае. Ніхто ня мае права ўмешвацца ў працэс галасаваньня, рабіць парады, ці кантраляваць як людзі галасуюць, ці патрабаваць паказаць бюлетэнь, тым больш – пагражаць. Афіцыйны бюлетэнь, пасьля таго як яго атрымаў выбаршчык, зьяўляецца ягонай уласнасьцю і матэрыяльным сьведчаньнем ягонага права на тайнае галасаваньне, якім ён распараджаецца так як лічыць патрэбным.

Афіцыйны бюлетэнь пасьля выбараў (пасьля галасаваньня) трэба перадаць прадстаўнікам Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі (НГК).

Толькі такія рашучыя дзеяньні (а не падыгрываньне на псэўдавыбарах Казуліну ці Мілінкевічу, ды заклікі да байкоту) не дазволяць рэжыму скрасьці голас выбаршчыка, зламаюць лукашэнкаву супэрмашыну фальсіфікацыяў, выкінуць Лукашэнку з выбарчага працэсу і спыняць маскоўскія пляны па захопу Беларусі, дадуць магчымасьць правесьці новыя дэмакратычныя выбары без Лукашэнкі.

3 лютага 2006 г.
Каардынацыйны ворган НГК

3.2.2006, 21:00