беларуская  русский  english

Створаная Незалежная грамадзкая камісія выбаршчыкаў (НГК)

5 лютага ў Менску прайшоў устаноўчы сход Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў, якая мае арганізаваць працэдуру Народнага галасаваньня – ініцыяванага Зянонам Пазьняком народнага імпічмэнту А.Лукашэнку.

Як паведаміў сябра Рады новастворанай Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў Юры Беленькі, ва ўстаноўчым сходзе прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласьцей краіны, касьцяк гэтай арганізацыі склаў актыў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Абраная рада і рэвізійная камісія, ухваленыя статутныя дакумэнты, якія будуць перададзеныя ў для рэгістрацыі ў Мін’юст, паведаміў спадар Беленькі.

Апрача яго ў склад Рады абраныя Сяргей Папкоў, Уладзімер Раманцоў, Валеры Буйвал і Алесь Чахольскі. Спадар Беленькі спадзяецца, што гэтая грамадзкая арганізацыя будзе аб’ядноўваць людзей розных палітычных поглядаў, якія не жадаюць дапусьціць фальсыфікацыяў на выбарах прэзыдэнта 19 сакавіка:

(Беленькі: ) “Калі далей так імкліва пойдуць гэтыя працэсы, то сапраўды мы гэтую ідэю Народнага галасаваньня рэалізуем, бо велізарны настрой у грамадзтве супрацьстаяць фальсыфікацыям. На сёньняшні дзень гэта адзіная ідэя, якая мае пад сабой рэальны грунт, да таго ж абсалютна палягае ў рамках дзейнага заканадаўства, абсалютна законная, і якая на выхадзе мае рэальныя шанцы быць рэалізаванай”.

Юры Беленькі спадзяецца на далейшае пашырэньне ідэі Народнага галасаваньня ў грамадзтве.

Паводле Радыё Свабода

5.2.2006, 21:00